Аб музеі
У міфалагічнай мадэлі свету славянскіх народаў адно з ключавых месцаў належыла актыўнаму процістаянню чалавека і навакольнага асяроддзя. Чалавек, сям'я мадэлявалі сваё жытло ў адпаведнасці з уяўленнямі аб Сусвеце. Жытло чалавека было менавіта мікрамадэллю вялікага Сусвету. Пры гэтым найпершай яго ролю было стварэнне камфортных умоў для існавання чалавека і яго сям'і.
Вылучэнне жытла як свайго роду райскага саду, цэнтра сусвету накшталт гары Арарат абапіралася на сістэму міфапаэтычных ўяўленняў аб тым, што ўвесь свет падзяляецца на дзве часткі. Адна з іх – Святло, у якім пануе Дабро, Жыццё, Гармонія. Другая – Цемра, уладаром якой з'яўляецца Зло, Смерць, Хаос. Паміж гэтымі часткамі свету існуюць цесныя, пастаянныя, але не заўсёды пазітыўныя ўзаемаадносіны.
Акрамя рэальных, існуючых у наваколлі звяроў і пачвар, якія маглі нанесці шкоду чалавеку (гадзюка магла ўкусіць дзіця, воўк – загрысці авечку або карову, ліса – курэй), па народных уяўленнях існавалі сілы, якія былі нябачнымі воку чалавека, але тым не менш маглі моцна нашкодзіць. Гэта былі ліхаманкі, сушэц, сурокі, грыжа, рожа і міфічныя істоты навакольнага свету - нячыстая сілы, ведзьмы, вадзянікі, русалкі, Ох, Цмок, дамавік, а таксама істоты, якія маглі ператварыцца з людзей у звяроў і наадварот: ваўкалакі. Сюды ж трэба аднесці і розныя з'явы прыроды: гром, маланка, пярун, сухавеі.
Уласна кажучы, колькі жыве чалавек на Зямлі, столькі ж часу ён і шукае сродкаў перасцярогі ад гэтага нябачнага небяспечнага антысвету. Нашы продкі выпрацавалі тры тыпы індывідуальнай, сямейна-родавай і гаспадарчай засцярогі: абярэгі, амулеты і талісманы.
Талісман – невялікі прадмет, выраблены з прыродных матэрыялаў або прыродай “зробленая” рэч, якая прыносіць поспех.
Амулет – свяшчэнны знак, які захоўвае неабходную інфармацыю, а таксама само ўменне замацаваць гэту інфармацыю за пэўным прадметам.
Абярэг – звычайны прадмет, які здольны сам па сабе або пасля правядзення адпаведнага абраду выконваць ахоўную функцыю. У якасці абярэга маглі выступаць расліны, дрэвы, садавіна, гародніна; звычайныя побытавыя рэчы або прылады працы, якія надзяляліся магічным статусам пасля выканання мэтанакіраванага рытуалу.
У славянскіх народаў, у тым ліку і сярод беларусаў, існавала цэлая сістэма абярэгаў для абароны чалавека, сям'і, хаты, гаспадаркі, хатняй жывёлы, усёй вёскі.
Вядома некалькі класіфікацый абярэгаў:
1. абярэгі прыроднага паходжання;
2. абярэгі, зробленыя рукамі чалавека;
3. абярэгі, статус якіх замацаваны калектыўнымі або індывідуальнымі магічнымі дзеяннямі.
Віртуальны музей абярэгаў беларусаў створаны , каб паказаць шматвяковы працэс асваення чалавекам навакольнага асяроддзя, раскрыць сістэму міфалагічных уяўленняў нашых продкаў аб Сусвеце і месцы чалавека ў ім, рэканструяваць эвалюцыю дыялогу чалавека з космасам, прыродай і іншым чалавекам.
Задачы, якія ставяць перад сабой стваральнікі Музея абярэгаў:
- раскрыць асаблівасці ўзаемаадносін чалавека з асвоенай і неасвоенай
прасторай;
- паказаць эвалюцыю творчай дзейнасці, скіраванай на гарманізацыю
адносін з наваколлем;
- паказаць механізмы дзейнасці абярэгаў у адпаведнасці з іх семантычнай
і сімвалічнай накіраванасцю;
- прадставіць нематэрыяльную і матэрыяльную культурную спадчыну
беларусаў праз прызму гарманізацыі ўнутранага свету чалавека, між асаблівага і міжродавага суладдзя;
- паказаць розныя накірункі пошукаў аптымізацыі існавання чалавека ў
гэтым свеце;
- па магчымасці поўна адлюстраваць ую сістэмную варыятыўнасць
абярэгаў, якія існавалі ў асяроддзі беларусаў;
- раскрыць сістэму каляндарных абрадаў як пакрокавы дыялог чалавека з
наваколлем і адпаведна ўключэння ў гэты дыялог новага абярэга;
асвяціць шырокі спектр абярэгаў, якімі карысталіся нашы продкі падчас
выканання сямейна-родавых абрадаў;
- паказаць месца і ролю абярэгаў, звязаных з аказіянальнымі абрадамі
беларусаў і іншых славянскіх народаў;
- пастаянна ў рэжыме “круглага стала” весці гаворку аб практыцы
сучаснага выкарыстання абярэгаў, тэхналогіі іх падрыхтоўкі, абмену вопытам па праблеме іх эфектыўнасці;
- разгляд традыцыйных абярэгаў беларусаў у шырокім кантэксце іншых
этнакультурных традыцый.
|