Музей традыцыйных беларускiх абярэгаў

Галоўная старонкаКарта сайтаКантакты
пошук па сайту:
Сiстэма абярэгаў:
- Абярэгі гаспадаркі
- Абярэгі хаты
- Абярэгі чалавека
- Аказiянальныя
- Каляндарныя
- Верасень
- Жнiвень
- Кастрычнiк
- Красавiк
- Люты
- Сакавiк
- Студзень
- Травень
- Чэрвень
- Сямейна-родавыя
- Вяселле
- Пахаванне
- Радзiны
- Слоўнiк
- Традыцыйныя святы

 


Наш Гузiк
Атрымайце код гузiка

Нашы сябры




 

Каталог

 Абярэгi > Абярэгі гаспадаркі 


Воўк у народнай культуры мае падвоеную сiмволiку: з аднаго боку ён увасабляе зло i жорсткасць, а з другога — мужнасць, перамогу i клапатлiвасць пра сваiх нашчадкаў.


Шматлiкiя апавяданнi пра вядзьмарак, якiя пераўтварылiся ў ваўчыц, i пра мужчын, якiя сталi ваўкамi‑ваўкалакамi, надалi гэтай жывёлiне магчымасць сувязi з «тым», д’ябальскiм, светам. Аднак у духоўнай спадчыне старажытных скандынаваў цi грэкаў воўк — татэмная жывёла i сiмвал непераможнасцi, а ваўчыца, якая выкармiла Ромула i Рэма — заснавальнiкаў Рыма, стала сiмвалам пяшчотнай мацярынскай любовi i ахвярнасцi (для параўн.: для беларусаў татэмнай жывёлай лiчыцца мядзведзь).


У славянскiх народаў вобраз ваўка звязаны з пераходнымi, памежнымi, пераломнымi момантамi: смерцю (ён суправаджае душы ў паслясмяротным жыццi); вяселлем («ваўком» называлi жанiха, якi прыехаў знайсцi сабе «цялушку» цi «авечку»); з некаторымi каляндарнымi датамi (Каляды — запрашэнне продкаў у выглядзе ваўка за святочны калядны стол); з «пераходнымi» зiмовым цi вясновым перыядамi.


Драпежная жывёлiна — воўк — заўсёды пагражае чалавеку i яго хатняй гаспадарцы. Воўк — хiтры, каварны, можа загрызцi ўвесь статак, з якога ў спажыванне возьме 1‑2 жывёлiны. Суцiшыць ваўка мог цудадзейным спосабам толькi Георгiй Перамаганосец — «воўчы пастар»: «што ў ваўка ў зубах — то Ягорый даў».


Аднак у славянскага народа смелы i разумны воўк, акрамя страхаў, выклiкае сiмпатыю. У казках пра Івана Царэвiча шэры воўк становiцца станоўчым персанажам — можа размаўляць, вельмi мудры, мае крылы, з дапамогай якiх можа пераляцець з аднаго свету ў другi. Так здавён вялося — калi дарогу перабяжыць воўк, гэта прынясе шчасце (у адрозненне ад лiсы, вавёркi цi зайца).


Згодна з народнымi ўяўленнямi, з ваўком можна заўсёды знайсцi агульную мову, калi звярнуцца да яго з добрым словам: «Добрыя моладцы! Вам свой бок, мне свой». Воўк нiколi не кране вандроўнiка цi хатнюю жывёлу, калi перад дарогай цi перад выганам хатняй жывёлы ў поле прачытаць замову.


Iснавала пэўная сiмвалiчная сувязь памiж ваўком i прыладамi ткацтва. На кроснах ткалi «абярэгi» ад нападу ваўкоў. Паўсюдна апiсаны выпадкi нападаў ваўкоў на тых, хто пераносiў прылады ткацтва з адной вёскi ў другую, не выканаўшы пры гэтым пэўных ахоўных дзеянняў.


Паводле народных павер’яў, ваўка пужаюць полымя i званы. Таму на вупраж коням заўсёды вешалi шмат званочкаў.


Перад тым, як жывёлу першы раз выганялi ў поле, выконвалi цэлы шэраг магiчных дзеянняў, накiраваных у першую чаргу на тое, каб засцерагчы яе ад зубоў ваўка: абносiлi жывёлу чацвярговай соллю, грамнiчнай соллю, святой хрышчэнскай вадой, спасавым макам, чыталi малiтвы i замовы.


Моцным абярэгам статку ад ваўка лiчылася яйка, знесенае чорнай курыцай.


У народзе лiчылi: калi ваўкi падыходзiлi зусiм блiзка да хат, збiралiся зграямi i вылi — чакай халадоў i няўроду, вайны цi iншых няшчасцяў.


Пачынаючы з 9 снежня (дзень святога Юрая, якi ў народзе носiць назву халодны), ваўкi пачынаюць падыходзiць да людскiх паселiшчаў, i таму небяспечна пакiдаць вёску.


Перыяд з 22 снежня (дзень святой Ганны) i да 19 студзеня (Хрышчэнне) у народзе называлi воўчымi святамi або вяселлямi. У гэты час ваўкi збiраюцца ў зграi i становяцца вельмi небяспечнымi.


 Наша нiва http://nn.by/?c=ar&i=21471


 





|

 

падтрымка: AtStar.byRATING ALL.BY